ТЭРМІДАРЫЯ́НСКІ ПЕРАВАРО́Т,

палітычны пераварот 27—28.7.1794 (паводле рэсп. календара 9—10 тэрмідора 2-га года рэспублікі) у Францыі ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99, у выніку якога скінута дыктатура групоўкі якабінцаў на чале з М.Рабеспёрам. Летам 1794 незадаволеныя палітыкай рабесп’ерыстаў (жорсткі тэрор, няздольнасць выйсці з эканам. крызісу і інш.) правыя і левыя дэпутаты Канвента пры кіруючай ролі прадстаўнікоў «новай» буржуазіі («правых тэрмідарыянцаў» Ж.​Л.​Тальена, П.​Бараса і Ж.Фушэ) і падтрымцы астатніх дэпутатаў («балота») арганізавалі змову. 9 тэрмідора Рабесп’ер разам з прыхільнікамі (Л.​Сен-Жуст, Ж.​Кутон і інш.) арыштаваны Канвентам, але быў вызвалены нацыянальнай гвардыяй і падтрыманы Парыжскай камунай. У ноч на 10 тэрмідора ён зноў арыштаваны і раніцай разам з прыхільнікамі без суда пакараны смерцю (абезгалоўлены). Уся ўлада фармальна перайшла да Канвента, фактычна — да кіраўнікоў тэрмідарыянскай змовы.

т. 16, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)